ПАТАГЕ́ННЫЯ МІКРО́БЫ,

віды мікраарганізмаў, якія выклікаюць хваробы чалавека, жывёл і раслін. Паводле характару жыўлення — паразіты і сапратрофы. Бываюць унутрыклетачныя паразіты (напр., узбуджальнікі сыпнога тыфу), пастэрэлы развіваюцца ў крыві, халерны вібрыён і сальманелы пасяляюцца ў кішэчніку, узбуджальнікі пнеўманіі (некат. кокі) выклікаюць пашкоджанне клапанаў сэрца і інш. Паводле функцыян. значэння адрозніваюць 3 групы фактараў, якія садзейнічаюць інфіцыраванню арганізма: інвазіўныя (напр., з дапамогай варсінак бактэрыі прыліпаюць да эпітэліяльных клетак слізістых абалонак); асаблівасці будовы, што надаюць устойлівасць да ахоўных сістэм арганізма (напр., утварэнне капсул); таксічныя (напр., узбуджальнікі батулізму ці слупняку маюць экзатаксіны, якія выклікаюць інтаксікацыю арганізма з выбіральным пашкоджаннем ц. н. с. без наяўнасці адпаведных бактэрый). Умоўна П.м., якія звычайна з’яўляюцца нармальнай мікрафлорай, становяцца патагеннымі пры зніжэнні агульнай рэзістэнтнасці макраарганізма і інш. зменах яго імуналагічнага статуса. Гл. таксама Патагенез, Патагеннасць.

А.​І.​Ерашоў.

т. 12, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)